ІНСТЫТУ́Т ЛІТАРАТУ́РЫ імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т л-ры і мастацтва. У 1935 рэарганізаваны ў Ін-т мовы, л-ры і мастацтва, з 1952 Ін-т л-ры і мастацтва, з 1957 сучасная назва. Аддзелы (1998): сучаснай бел. л-ры; гісторыі бел. л-ры 1-й пал. 20 ст.; гісторыі стараж. і новай л-ры; тэорыі л-ры; узаемасувязей л-р; выданняў і тэксталогіі. Аспірантура (з 1931), дактарантура (з 1989). Асн. кірункі навук. даследаванняў: гіст. шляхі і заканамернасці развіцця бел. л-ры, праблемы вяртання ў сучаснасць духоўнай спадчыны бел. народа.

Ін-т выдаў зб. «Беларуская літаратура. Даследаванні і публікацыі» (вып. 1—5, 1958—63), працы «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (абедзве на рус. мове, 1977; Дзярж. прэмія імя Я.​Коласа 1980), серыю кніг, прысвечаных адлюстраванню ў л-ры героікі Вял. Айч. вайны, прац па скарыназнаўстве (Дзярж. прэмія імя Я.​Коласа 1994), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95), біябібліягр. слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), падрыхтаваў і выдаў падручнікі па бел. л-ры для сярэдняй школы, дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, навукова-каменціраваныя зборы твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, З.​Бядулі, М.​Лынькова, І.​Мележа, П.​Пестрака, К.​Чорнага, манаграфічныя даследаванні В.​В.​Барысенкі, Ю.С. Пшыркова, Н.​С.​Перкіна, А.​М.​Адамовіча, В.​А.​Каваленкі, М.​М.​Арочкі, А.​В.​Мальдзіса, І.​Я.​Навуменкі, П.​К.​Дзюбайлы і інш.

Каардынуе даследчую работу ў рэспубліцы па літ.-знаўстве. Пры ін-це савет па абароне доктарскіх дысертацый. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі І.І.Замоцін, М.Ц.Лынькоў, В.В.Барысенка, чл.-кар. А.М.Адамовіч, акад. АПН СССР В.У.Івашын; працуюць акадэмікі Нац. АН Беларусі І.Я.Навуменка, В.А.Каваленка, чл.-кар. М.І.Мушынскі, У.В.Гніламёдаў (дырэктар з 1997).

Літ.:

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;

Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк. Мн., 1989;

Працы Інстытута літаратуры АН БССР: Бібліягр. давед (1931—1980). Мн., 1981.

А.​П.​Парэпка.

т. 7, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)